* * *
Летні дождж, летні дождж…
Змые ўсё, што забыць немагчыма.
Да апошняе кроплі… І ўсё ж –
Зноў глядзіць ён вачыма тваімі.
І кранае сваёй цеплынёй,
Вечаровай, лёгкай, вільготнай.
Бы гуляе няспешна са мной, -
Так няспешна гучаць твае крокі
Усё далей і далей… І ты –
Хутка знікнеш у сініх валошках.
Прападзеш ў каласах залатых,
На далёкіх сцяжынах-дарожках…
Толькі будзе ісці летні дождж.
Так няспынна, павольна, празрыста…
На аблоках малюючы ўсё ж –
Вобраз твой, бездакорны і чысты.